ХАКЕ́Й З ША́ЙБАЙ на лёдзе,

спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды, у кожнай да 22 гульцоў, у т. л. 2 варатары. Непасрэдна на пляцоўцы гуляюць не больш як 6 і не менш як 4 гульцы; у любы час яны могуць быць заменены запаснымі. Час гульні — 3 перыяды па 20 мін. Задача каманд — у адведзены час закінуць спец. клюшкамі як мага больш шайб у вароты сапернікаў. Дазваляюцца сілавыя прыёмы. Пляцоўка для гульні (61×30 м) па перыметры абнесена бартамі выш. 1—1,22 м ад паверхні лёду; памеры варот — 1,83×1,22 м. Інвентар: клюшка даўж. да 134,5 см з круком да 37,5 см і шайба — плоскі дыск з цвёрдай гумы таўшчынёй 25,4 мм, дыям. 76,2 мм.

Узнік у Канадзе ў 1860-я г. як варыянт хакея-бендзі. Правілы гульні распрацаваны ў 1879. апублікаваны ў 1886. З 1892 разыгрываецца Кубак Стэнлі (рэгулярныя спаборніцтвы прафес. каманд Паўн. Амерыкі). Міжнар. хакейная федэрацыя (ліга) засн. ў 1908. У 1914 створана Вышэйшая канада-амер. (нац.) хакейная ліга (НХЛ). яе чэмпіянаты разыгрываюцца з 1925. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца штогод з 1910, свету — з 1920 (раз у 4 гады; з 1930 — штогод). У праграме Алімп. гульняў з 1920. Чэмпіянаты СССР праводзіліся з 1946/47. У 1973 засн. Сусв. хакейная асацыяцыя.

На Беларусі Х. з ш. развіваецца з 1947; з 1948 бел. хакеісты ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР. Нац. чэмпіянаты Беларусі разыгрываюцца з 1993. Найб. вядомыя спецыялісты ў галіне Х. з ш.: засл. трэнеры Беларусі П.​Ф.​Баранаў, А.​М.​Варывончык, А.​В.​Грышын. Л Я.​Кантаровіч, У.​В.​Крыкуноў, А.​В.​Мураўёў, В.​І.​Стаін і інш. Зборная Беларусі — чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1986). Юнацкая зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў групах «C» (1993) і «B» (1994), чэмпіён свету ў групе «B» (1999, 2001). Маладзёжная зборная Беларусі — чэмпіён свету ў групах «C» (1997) і «B» (1998, 2000). Нац. зборная Беларусі — чэмпіён свету ў групах «C» (1995) і «B» (1997, 2002), заняла 4-е месца на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002, г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША).

І.​М.​Мартыноўскі.

т. 16, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)